ШТУ́ЧНАЯ НЫ́РКА,

адзін з найб. пашыраных штучных органаў і апаратаў для пазаарганізмавага ачышчэння крыві (выдалення прадуктаў абмену рэчываў, таксінаў, падтрымання водна-электралітнага і кіслотна-шчолачнага балансу).

У Ш.н. кроў паступае з артэрыі (напр., праз катэтар), дзе яна праходзіць сістэму трубак, поласцей з паўпранікальнай мембраны, якія абмываюцца спец. растворам. Потым кроў вяртаецца ў вянознае рэчышча. Работа Ш.н. засн. на гемадыялізе і ультрафільтрацыі. Усе апараты Ш.н. складаюцца з дыялізатара, перфузійнай прылады (катэтары, помпы і інш.) для руху крыві наперад, канструкцыі для прыгатавання і падачы ў дыялізатар дыялізуючага раствору і манітора. Выкарыстоўваецца пры вострай і хранічнай нырачнай недастатковасці. З дапамогай Ш.н. (апарат падключаецца перыядычна) жыццё хворага можа падтрымлівацца некалькі гадоў.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)